Як вы напэўна заўважылі, апошнія 12 дзён я нічога сюды не пісаў. Магчыма, вы нават ведаеце з-за чаго.
А ўсё пачыналася так... Прыкладна ля гадзіны дня ў маю кватэру пазванілі. Адначасова затэлефанаваў хатні тэлефон. Калі я адчыніў, да мяне ўвайшлі чатыры чалавекі, адзін зь якіх паказаў сваю ксыву. На жаль, я спачатку не зарыентаваўся й не паглядзеў на ягонае прозьвішча... Потым мне паказалі пастанову на правядзеньне вобшуку. На маё пытаньне, што канкрэтна шукаем адказалі, што шукаюць "тое, што выкарыстоўваецца для вырабкі бомбаў", але ўрэшце ізьялі сыстэмны блёк кампутара й адзін стары бюлютэнь руху "За Свабоду". Ані значкі, ані ўлёткі за Вінцука, ані іншыя апазыцыйныя матэрыялы іх не зацікавілі. Верагодна, сыстэмны блёк кампутару й бюлютэнь руху "За Свабоду" можна неяк выкарыстоўваць у гатаваньні бомбаў, а астатняе - не... Агулам вобшук ладзіўся так лянотна й фармальна, што нават мне было сорамна за непрафэсыйнасьць нашых ваўкоў пазорных праваахоўчых ворґанаў. Фактычна, адзінай іхняй мэтай, здаецца, было ня вобшук зрабіць, а хаос у маёй кватэры й забраць сыстэмны блёк. Некалькі шафаў яны ўвогуле прапусьцілі... Пры канцы вобшуку мне сказалі, што зараз паедзем на допыт, каб я ўсё "патлумачыў". Потым сказалі мне несьці мой сыстэмнік, ад чаго я неўзабаве ахвігеў - у мяне ж яго забіраюць і мне ж яго несьці - і калі я адмовіўся, дэбэшнік афіцыйна сказаў, што затрымлівае мяне на трое сутак, хаця яшчэ да гэтага "затрыманьня" раілі апранацца пацяплей... На допыце я сказаў, што прынцыпова ня буду згаджацца з пратаколам допыту, калі мае тлумачэньні будуць пісацца не па-беларуску, з-за чаго допрыт цягнуўся гадзіны тры. Трэба адзначыць, што сьледчы ведае беларускую мову яшчэ горш, чым я - хімію... Выратавала яго толькі мая згода крыху пасядзець самастойна за кампутарам і павыконваць пад ягоным пільным вокам ягоную працу... Пасьля допыту, мне далі ўжо дзесяць сутак. "Усім па дзесяць даем. Гэта не ад мяне залежыць" - растлумачыў сьледчы. На жаль, прозьвішчы сьледчых і абшукваючых зараз не ўзгадаю - усе паперы зь іхнімі дадзенымі аддаў адвакату.
Камэра "Еда есть, туалет есть, лежи-отдыхай, ничего не делай - отель!" (c) Калідорны А сапраўды рабіць ну зусім няма чаго. Толькі сьпі, хадзі па камэры, размаўляй з сукамэрнікамі ды чытай, калі што-небудзь перадалі чытаць. Хаця не, ёсьць яшчэ радыё. Але яно та ўключаецца, та выключаецца; робіцца та грамчэй, та цішэй. Рэґулюецца гэта ўсё, верагодна, калідорнымі, пры чым рэґулюецца як Бог на душу пакладзе. Але часьцей за ўсё радыё было дастаткова ціхім, каб адзінай ягонай функцыяй было гучнае паведамленьне часу штогадзіну. Дарэчы, гадзіньнікі ў камэры забаронены; нажніцы-нажы-лязо - забаронены; алоўкі-асадкі - забаронены. Ад шасьці раніцы да дзесяці вечара гараць дзьве вялікія лямпы. Ад дзесяці вечара да шасьці раніцы - адна маленькая. Яна-та маленькая, але ж спаць напачатку моцна перашкаджае. Ёсьць вакно, але шкло такое, што за ім у прынцыпе нічога нельга пабачыць, ды й да шкла нельга нават дакрануцца, бо перад шклом - краты. Плошча камэры - 19 квадратных мэтраў. Пяцімясцовая: двое двухпавярховых нар, адны аднапавярховыя. Вышыня камэры - 4 мэтры. Дзякуй Богу, ніколі больш за пяць чалавек да нас і не заводзілі. Прыбіральня ў камэры. За чыста сымбалічнай агароджай. Ніякім падушак ці матрацаў не выдаецца - людзі сьпяць на голых дошках, падсьцілаючы й накрываючыся сваем адзеньнем. Пад галаву кладзецца плястыкавая бутэлька з вадой. Нічога - кажуць, гэта карысна на дошках спаць :), праўда нейкія матрацы раздаваць усё ж было б няблага. Дзякуй Богу, мне ў панядзелак перадалі зь перадачаю матрац і невялічкаю падушку... Штодзень ежа амаль аднолькавая - тры разы на дзень каша (яе есьці можна); зранку й увечары нешта накшталт гарбаты, ад якой уласна мне было дрэнна; днём яшчэ суп ды катлета - суп ня вельмі, а катлеты я б увогуле нікому ня раіў есьці. Дзякуй Богу, бальшыні насілі перадачы, таму ежы было дастаткова. У адрозьненьні ад бальшыні, я ўвесь час прасядзеў амаль бязвылазна ў адной і тый жа камэры нумар 23. Бальшыню там час ад часу перакідвалі з камэры ў камэру. Увогуле, за ўвесь час мяне выводзілі з камэры толькі 4 (ЧАТЫРЫ!) разы. Два разы - калі прыходзіла адвакат. Адзін раз каб узяць крыву ды адпячаткі пальцаў на экспэртызы, і адзін раз каб азнаёміцца з вынікамі гэтых экспэртыз. У камэры вельмі сьпякотна й душна. Вэнтыляцыі фактычна няма. І калі мяня ў першы раз вярнулі ў камэру ад адваката, мне нават зрабілася дрэнна. Аднак трэба адзначыць і добры бок: супрацоўнікі збольшага ставяцца добра да ўсіх затрыманых пры ўмове, што й апошнія да іх добра ставяцца. А як стала зразумела, што пад выбух хапаць усіх - да "падрыўнікоў" пачалі ну зусім добра ставіцца й калі нас учора вызваалялі, некаторыя з калідорных шчыра радаваліся й не хавалі гэтага.
Айбаліт Рэальны дыялёґ, які адбыўчся па прыезьдзе на Акрэсьціна: Доктар: Курите? Койпіш: Нет. Доктар: Пьёте? Койпіш: Последний раз пил алкогольный напиток на выпускном вечере. Доктар: А это давно было? Койпіш: Ну, в году 2003... Доктар: А первый раз когда? Койпіш: Лет в пять. Доктар: Мда, рано начал... И как часто пили? Койпіш: Да раз 20 за жизнь Дежурный: (на повышенных тонах) Да прекрати выёбываться! Пиши: "не курит и не пьёт и здоровеньким помрёт" Увогуле, турэмнага доктара хочацца ўзгадаць асобна. Я бачыў яго тры разы. Некалькі разоў яго бачыў Богдан. І ўсе тыя разы доктар глядзеў... мультфільмы, часам зважаючы невялічкую ўвагу на нас. Ся мной у камэры пэўны час сядзеў адзін наркаман. Ён два разы зьвяртаўся да гэтага доктара з просьбай "Дапамажыце як-небудзь, але толькі не запісваеце, што я наркаман - калі будзеце запісваць, дык не дапамагайце." І доктар кожны раз дапамагаў... адной таблеткай асьпірына й некалькімі кроплямі валер'янкі, кожны раз адзначаючы "я бы вас, наркоманов, расстреливал бы...", пасьля чаго, напэўна, вяртаўся да сваіх мульцікаў.
Першыя сукамернікі Я б падзяліў усё сваё затрыманьне на дзьве часткі - да аўторка й ад серады. Да аўторка да мяне садзілі ўвесь час розных людзей, бальшыня зь якіх павыходзіді ня больш, як два гады таму. А ад серады як пасадзілі яшчэ чатырох "тэрарыстаў", так мы бязь зьменаў і сядзелі да канца... ну, амаль бязь зьменаў... Першым маем сукамернікам быў Алег. Ён сядзеў са мной да панядзелка. Адукаванасьць вышэй за сярэднюю, хаця фармальна мае тольк 9 клясаў. Паўгады таму выйшаў з турмы. Зараз падазраваўся ў дзьвюх кражах - на адну напісаў чыстасэрдэчнае прызнаньне, а ад другой адмаўляўся. Там па другой сьледчы абяцаў накіраваць Алегаў фотаздымак на апазнаньне пацярпеламу й у панядзелак мусіў прыйсьці адказ - ён ці ня ён. У залежнасьці ад гэтага сьледчы абяцаў альбо перавесьці Алега да абвінавачваемых, альбо выпусьціць пад падпіску - у любым выпадку ад панядзелка Алега ня бачыў... Даю прыкладна 50%, што ён на сам рэч быў "падсадной качкай", але дакладна ня ведаю - мо й памыляюся, але ён нейкія надта дзіўныя для простага чалавека пытаньні пытаў пра апазыцыю й пра... "Белы Леґіён". Дарэчы, казаў, што некалі сядзеў на сутках зь Севярынцам. Здаецца, Севярынец і зараз галоўны апазыцыянэр па вэрсіі Алега. Ува ўсялякім выпадку, ён быў перакананы, што калі пачалі хапаць апазацыянэраў - Севярынца таксама хапнуць. Казаў, што Севярынец размаўляў на 100% выключна на беларускай мове... ну, я пад уражаньнем таксама спрабаваў размаўляць выключна па-беларуску, але ў мяне ня вельмі атрымалася: гэта цяжка размаўляць не на той мове, на якой з табой размаўляюць... Яшчэ са мной сядзеў Паша... Дзевятнаццаць год. Па-за кратамі першы раз. Назавем яго Паша-нумар-адзін, бо пазьняй да мяне яшчэ аднаго Пашу падсадзілі. Пашу-нумар-адзін вінавацілі ў двух крадзежах: 100$ і, калі не памыляюся, мабільнага тэлефону. Хаця нам Паша казаў, што тая жанчына сама дала яму зь сябрам 100$, каб яны набылі на іх ёй водкі... праўда водкі яны ўсё роўна не набылі. За двое дзён нашага сумеснага сядзеньня Паша атрымаў дзьве перадачы - абодва разы чыпсы й жуўку... Наступны сукамернік - доктар з "Навінак". Ня памятаю ймя. Быў са мной толькі адну ноч. Вінаваціцца ўва ўзятцы ў 300$. Кажа, што мянты навучылі там адну, як усё зрабіць і што ён нават не пасьпеў заўважыць, што яму ўзятку далі, як адразу да яго ўварваліся й скруцілі. З майго пункту гледжаньня - гэта мінус працы нашых "ворґанаў" - чаму б ня даць яму пакласьці гэтую ўзятку ў сваю кішэню, каб усім усё зразумела было? Але яны так не зрабілі й таму ўласна я ня ведаю - ці сапраўды ён браў узятку, альбо мо сапраўды гэта мянты стварылі йнсцыніроўку... Наступны сукамэрнік - Аляксей. Год дваццаць. Таксама быў з намі толькі адну ноч. Ужо адматаў адзін срок, пасьля сроку ўладкаваўся гружчыкам на Жданы, але зараз зноў вінаваціцца ў крадзяжы мабільнага. Кажа, што гэта двое ягоных сяброў пакралі, а калі за імі пабеглі ён чамусьці пабёг разам зь імі. У сьледчага абодва сказалі, што краў менавіта Аляксей. Сказаў, што празь некалькі дзён павінна будзе ражаць ягоная дзяўчына. Яна раджае, а бацька накіроўваецца сядзець... Наступны сукамернік - Макс. Год дваццаць. Пачынаў сваю турэмную біяґрафію год з шаснаццаці. У яго ўвогуле цікавая гісторыя была - ён толькі што выйшаў з Акрэсьціна, адседзеўшы трое сутак за брудную лаянку (я нават зьдзівіўся, што не апазыцыянэра за такое затрымалі :D) - не прабыў і трох гадзін на свабодзе, як яго зноў затрымалі, сказаўшы, што ён ужо паўгады "в розыске"; хаця на сутках яго, зразумела, на ўсе розшукі правяралі :D. Яго ў суботу прывезьлі, у панядзелак зранку забралі й больш я яго ня бачыў. Дарэчы, хаця людзі й сядзяць па некалькі разоў, яны збольшага цалкам нармалёвыя. Нічога жахдівага ў звычайных крымінальніках няма. Сярод іх сустракаюцца й неадукаваныя (як і сярод усіх), так і вельмі начытаныя (сапраўды, а што яшчэ па-за кратамі рабіць, як не чытаць?) Крыху размаўлялі зь імі пра палітыку - усе цалкам упэўнены, што тый выбух сам жа Лукашэнка й зрабіў. І што мяне больш усяго зьдзівіла: я, апазыцыянэр, стаўлюся да Лукашэнкі лепш за любога не-апазыцыянэра, сядзеўшага зы мной. Дарэчы, у ноч на панядзелак Лукашэнка атрымаў у нашай камэры клікуху "Специально Обученный Пидорас", і ніяк інакш яго ў ноч на панядзелак ня клікалі... Шкада нават крыху, што ў панядзелак з нас пяці трох зьвезьлі... У ноч з аўторка на сераду закінулі двух абвінавачваемых. Канешне, абвінавачваемыя не павінны знаходзіцца разам з падазронымі - гэта розныя рэжымы, але ж на адну ноч усё ж закінулі. Адзін быў старым дзедкай, які ўсю ноч прамучыўся ад пахмельля. А другі значна цікавей, на жаль, зноў ня памятаю ймя. 28 год. Першы срок атрымаў яшчэ непаўнагадовым, а зараз выйшаў меньш за паўгады таму й зараз вінаваціцца ў тым, што ткнуў лязом нажа сваю дзяўчыну й зьбіў яе й ёйную сяброўку. Зьбіцьцё й адзін удар нажом у сваю дзяўчыну ён прызнае, а вось ад зьбіцьця сяброўкі адмаўляецца. Распавёў, што сядзеў разам з Казулінам...
Казулін & Лукашэнка. Дык вось, згодна ягоных слоў, зараз Казулін размаўляе выключна на беларускай мове (я нават зьдзівіўся). Нават у турме Казулін заўсёды ў піджаку з гальштукам. Штодзень Казуліну носяць разнастайную прэсу - пры чым носяць самі ж супрацоўнікі турмы. І яшчэ Казулін лепш за любога адваката ведае заканадаўства. Напрыклад, аднойчы Казулін забыўся набыць у прадавачкі масла. Ну яму й адказваюць - забыўся, дык чакай наступнага месяца, калі яна зной прыйдзе. У адказ Казулін тыкае іх у канкрэтную норму канкрэтнай пастановы: "тут напісана: прадавачка ДВА разы на месяц. Каб мне заўтра ж была тут прадавачка!" І прадавачка была. Яшчэ адзін з сцукамэрнікаў (ня буду на ўсялякі выпадак казаць, хто) распавёў, што адзін зь ягоных знаёмых у другой палове дзевяностых працаваў у ахове Спецыяльна Абучанага Підараса. (Дарэчы, казаў, што ў Драздах у яго зараз асноўная клікуха не СНП, "Саша-Мэтадон".) Казаў, што ў Драздах Спэцыяльна Абучаны Підарас мае градкі й час ад часу капай ці прапалвае іх сам і прымушае да гэтага ўсю сваю ахову. І яшчэ адна магчыма-рэальная гісторыя. У 1996 годзе, як толькі Саша-Мэтадон перамог парлямэнт, вырашыў ён нечакана наведаць сваю першую жонку ў вёсцы. Прыехалі. Было ўжо цёмна. Падыходзіць Саша-Мэтадон да хаты, стукае й адтуль жаночы голас пытае: Жаночы голас: Хто там? Чорт Лысы: Первый, бля, прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Жаночы голас: (крычыць) Пашоў нахуй! І Спэцыяльна Абучаны Підарас ня проста пайшоў, а нават пабег. Прэч.
Мэта Першые двое дзён я ведаў толькі пра пяць затрыманых - чатыры зь "Белага Леґіёну" й я - пяты. Перададзеная ў суботу "Камсамолка" таксама падмацавала мяне ў гэтай гіпотэзы, бо напісала толькі пра пяць затрыманых, пералічыўшы прозьвішчы чатырох зь іх. І я спужаўся. Спужаўся, што на мяне сапраўды будуць вешаць гэты выбух і дзесяць год за яго. Усю суботу правёў у сапраўдным жахе, часам аґрэсіўна рэаґаваў на спробы размаўляць зы мной. І за суботу я звыкся да гэтай думкі; зразумеў, што ні пра што не шкадую; і паставіў перад сабой мэту. Заўсёды чытаў, што псыхаляґічна лягчэй сядзець, калі ёсьць нейкая мэта. :))) Мэта ўзяў арыґінальную - вырашыў ні за што, ні пры якіх абставінах не даваць сябе там пакутваць, быць там шчасьлівым кожную сэкунду свайго йснаваньня, як было на волі. І я ганаруся, што я выканаў гэта. Ня гледзячы ні на што ад нядзелі я быў шчасьлівы нават там! Гэта ужо потым я даведаўся, што затрыманых дзясяткі. Новыя людзі, якіх "кідалі" ў "маю" камэру казалі, што зь імі разам яшчэ шмат каго прывозілі з падазроных па выбуху. Спачатку казалі пра 40 чалавек. Потым пра 70. Апошняя лічба, якую я пачуў пад час зьняволеньня, была - "каля 150" (!!!)
Бамбісты-тэрарысты Я не адразу даведаўся, што бальшыня затрыманых - не апазыцыянэры. Мяне гэта нават зьдзівіла. Бальшыня - тыя, хто ўжо наўпрост некалі судзіўся па нейкіх падобных справах. Хаця ёсьць і выключэньні: напрыклад, нам казалі, што затрымліваюцца простыя студэнты-выдатнікі з ХімФаку. Хаця й забараняецца трымаць у аднгой камэры людзей, затрыманых па адной справе; ад пянядзелка, як я зразумеў, пачалі фамавацца спэцыяльныя камэры, у якіх трымалі выключна падазроных у выбуху. У панядзелак у маю камэру закінулі яшчэ аднаго калеґу-падрыўніка - Пашу. Яму крыху больш за трыццаць. Ён у 2000 годзе быў прысуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі за супрацьзаконные захоўваньне боепрыпасаў (трох патронаў). Пасьля вызваленьня амаль адразу зьехаў спачатку ў Пэтэрбурґ, потым - у Карэлію. Вось толькі зараз вярнуўся жыць на Радзіму. Крыху больш за месяц таму. А ягоная дзяўчына ўвогуле прыехала толькі ў дзень затрыманьня - яны былі разам толькі гадзіну. Пад час выбуху ён быў на другім канцы гораду разам зь пятнаццацьцю сьведкамі. Напэўна, ён быў больш за ўсіх узрушаны гэтымі масавамі затрыманьнямі. Ад самага пачатку ён амаль ня еў - зьеў адну перадачу й адзін раз паджуваў турэмны хлеб. (Казаў, што гэта вельмі дрэнная прыкмета - пачынаць харчавацца турэмнаю ежаю.) А ад шасьці гадзін вечара аўторка ўвогуле абвесьціў сухую галадоўку (!), маўлаў, усё роўна нічога ня ем - вось і піць ня буду. У сераду яму выклікалі хуткаю, якая зрабіла яму ўкол ґлюкозы. На жаль, усё роўна яго хапіла з сухой галадоўкай толькі да вечара серады. Шчыра кажучы, я ня бачу аніякага сэнсу ў галадоўках, калі йнфармацыя пра іх не распаўсюджваецца за межы турмы. А яна не распаўсюджвалася. Ад адваката Павал ад пачатку адмовіўся, а наведваць падазроных мае права толькі сьледчы й адвакат. Але ж гэта мы, сукамэрнікі, ведалі, што ён выйшаў з галадоўцы. Супрацоўнікі турмы гэтага ня ведалі, чым ён потым і скарыстаўся :)) У пятніцу яго перавялі ад нас у іншую трохмесную камэру, дзе ён сядзеў з "падсадной качкай" - ну відавочна было, што качка там падсадная. І, каб пазбавіцца яе, Павал зрабіў выгляд, што страціў прытомнасьць ад голаду; з-за чаго выклікалі хуткую дапамогу й перавялі яго зноў да нас. У аўторак яшчэ "закінулі" Мікалая. Год 46 чалавеку. Ён дзесяць год адслужыў у войску, потым быў прысуджаны да трох год абмежаваньня волі... Але гэта ўжо даўно было... Зараз працуе ў ахоўных аґенствах. Дарэчы, ён быў адзіны, хто сапраўды нешта разумеў у выбухах. Сказаў, што нават самы лепшы хімік ня здолее прыгатаваць тратыл (тая бомба была менавіта з тратылу) ў хатніх умовах. А ўжо ўплавіць туды шурупы, пры чым не хаатычна, а толькі па бакох, можа толькі сапраўдны прафэсыянал. Таксама Мікалай паведаміў, што судзячы па варонцы, выбух спэцыяльна рабіўся накіраваны (каб закранула толькі ногі людзей), для чаго таксама патрабуецца сапраўдны прафэсыянал. У сераду перавялі Ўладзіміра й... Ільлю Богдана. І ад серады мы так і сядзелі разам - больш нікога да нас не пераводзілі. І ад серады я перасяліўся зь ніжніх нар на верхнія, а таму пачаў увесь час з усімі сваемі 85 кіляґрамамі пташкай пархаць та на, та зь іх. Ну літаральна пташкай пархаю, ды толькі Мікалай, што ляжаў на ніжніх нарах пады мной казаў, што яму кожны раз пры маем "парханьні" жахліва рабіцца... Я мала чаго даведаўся ад Уладзіміра. Як я зразумеў, ён бізнэсоўца з Заслаўя. Некалькі разоў быў судзімы, але канчатковы выйшаў з турмы васямнаццаць год таму й зараз ужо фармальна лічыцца несудзімым. Ну а пра Богдана вы й гэтага, напэўна, дастаткова ведаеце (праваабаронца й намесьнік старшыні Моладзі БНФ). Таму й пісаць зашмат пра яго, напэўна, не так цікава. :)
Аналізы Як я ўжо пісаў, мяне выводзілі з камэры толькі чатыры разы. Два разы на сустрэчу з адвакатам. Адзін раз, у панядзелак, браць аналіз крыві й "адкатваць пальчыкі". І адзін раз, у пятніцу, знаёміцца з вынікамі экспэртыз гэтых аналізаў крыві. Ну, калі адзін раз гэта робяць - гэта шчэ нармалёва. У аднаго майго сукамэрніка-тэрарыста гэтыя дзьве рэчы рабілі тры разы: трое першых дзён затрыманьня штодзень вадзілі браць крыву й адпячаткі пальцаў... Дарэчы, калі ў мяне бралі адпячаткі пальцоў, бяручы абраніў фразу, на якую я спачатку й не зьвярнуў увагу: "скоро у всех жителей Беларуси пальцы откатаем!". Толькі зараз, калі я выйшаў і даведаўся, што пачаліся масавыя абыходы дамоў, што дапытваюць усіх жыхароў Менску... толькі зараз я думаю - а ці не зьвязаны тыя ягоныя словы з гэтымі абыходамі, ці ня ё наступным крокам пагалоўнае браньне адпячаткаў?.. А зараз пра знаёмства з вынікамі. У пятніцу, гадзін у шэсьць вечара, калідорны абвесьціў, каб мы ўсе гатаваліся выйсьця "бяз рэчаў" хвілін на пяць. І нас пачалі па чарзе вадзіць на другі паверх да сьледчага. Там ляжала тэчка зь некаторымі матэрыяламі справы - старонак на 200 - зь якімі мы павінны былі азнаёміцца й падпісаць дзьве паперы, што азнаёмлены. Ну, бальшыня хуценька, хвілін за пяць, іх прагортвала й падпісвала. Бальшыня. Ня я. А сапраўды - куды мне сьпяшацца!? У душную-душную камэру!? Не, я як пачаў знаёміцца, дык пачаў :D На мяне нават калідорныя крычалі, што яны дамоў жадаюць ужо! :D Карацей, я гадзіны тры знаёміўся - ня меньш. А яшчэ мне потым сказалі, што з-за мяне затрымалі вячэру для трэцяга паверха - чакалі, пакуль я не вярнуся. Дарэчы, сярод той падшыўкі была схема трэцяй бомбы. Ну, той бомбы, якую пасьпелі знайсьці. Бомба была тратылавая. Па бакох былі шурупы, часам уплаўленыя ў тратыл.
Вынікі Атрымаў добры досьвед стасункаў са звычайнымі людзьмі. Пахудзеў на турэмнай дыеце на два кіляґрамы. Прывучыўся спаць на дошках і пры сьвятле. Вельмі хочацца падзякваць свае бацькам, якія штодзень насілі мне перадачы. Дзякуй вам вялікі. А таксама гімну "Магутны Божа", які (нават ня ведаю чаму), вельмі моцна дапамагаў. За выключэньнем таго, што замест "зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай" я прызвычаіўся казаць "зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай". Сапраўды, спалучэньне шчасьця й магутнасьці Краіны й Нацыі - гэта ўсё, чаго я жадаю... Але ёсьць і сумная навіна: на жаль, сыстэмны блёк кампутара не вярнулі. Ён зараз знаходзіцца "на экспэртызе" й, верагодна, будзе там знаходзіцца да Другога Прышэсьця. Больш за тое: апошнія паўгады я карыстаўся не сваем сыстэмным блёкам. Пазычаным. І нават калі мне й вернуць сыстэмны блёк, мне зараз паставілі ўмову, каб я таксама адразу ж яго вярнуў. А таму зараз вельмі хочацца падзякваць Партыі БНФ за тое, што яе Сядзіба дала мне магчымасьць напісаць гэты запіс. Але ж наўрад ці мяне тут будуць увесь час дазваляць свабодна сядзець у ЖЖ... таму, калі вы жадаеце пазычыць мне кампутар ці даць магчымасьць танна пасядзець ад вас - я з задавальненьнем :)))))) Бо йнакш мой блёґ можна лічыць часова прыпыняным на невызначаны тэрмін; і гэта адзіная невялічкая перамога, якой дамаглося КДБ. Хаця магчыма гэта й да лепшага - будзе больш часу для ўдзелу ў выбарах... :)
Дадатак некалькі слоў, карысныя кожнаму апазыцыянэру Воўк Пазорны - любы супрацоўнік "праваахоўных" ворґанаў Глазок - невялічкае акенца наверсе тармазоў (гл.), празь якое старшой (гл.) у любы момант можа бачыць, што адбываецца ў камэры Кармушка - вакенца пасярод тармазоў (гл.), празь якое даюць і забіраюць ежу Керышаваці - пераводзіць з камэры ў камэру Луна - лямпа, якая гарыць уночы ў камэры. Мусар - міліцыянт Старшой - калідорны Тармаза - дзьверы з камэры Хата - камэра. Чэфір (Чефирь) - тая "гарбата", якую раздаюць зьняволеным. Шконкі - нары. Шухер - вобшук у камэры 
|